Сэрвач (заказнік)
Сэрвач | |
---|---|
Размяшчэнне | Беларусь, Докшыцкі раён і Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць |
Плошча | 9150,35 |
Дата заснавання | 1997 |
Сэ́рвач — гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласці Беларусі.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя заказніка ўключае возера Сэрвач і частку поймы ракі Сэрвач. Плошча возера — 450 гектараў, сярэдняя глыбіня — 2,8 метра. Возера моцна зарасло трыснягом, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці вар’іруе ад 15 да 120 метраў. Берагі на захадзе і поўначы сплавінныя, пераходзяць у нізіннае балота.
Паўднёва-заходняя частка возера вельмі забалочана, з яе выцякае рака Сэрвач. Шырыня яе рэчышча ў межах заказніка вар’іруе ад 2-5 да 15—25 метраў. Шырыня поймы 1—2,5 кіламетры. Поймы возера і ракі ўяўляюць сабой нізіннае асаковае балота, на якім сустракаюцца як адкрытыя, так і моцна зарослыя хмызнякамі ўчасткі. У некаторых месцах нізіннае балота змяняецца пераходным. 3 паўночнага захаду да балотнага масіву прылягаюць хваёва-шыракалістыя і змешаныя лясы.
Тэрыторыя заказніка знаходзіцца непадалёку ад водападзелу паміж басейнамі рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Днепр. Рака Сэрвач упадае ў Вілейскае вадасховішча і з’яўляецца адной з важнейшых крыніц, якія фарміруюць баланс Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
На тэрыторыі заказніка ажыццяўляюцца наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: торфаздабыча (тут сканцэнтраваны вялікія запасы гідролізнай сыравіны), лесакарыстанне, выпас жывёлы, сенакашэнне, вырошчванне прапашных культур.
Фаўна і флора заказніка вывучаны недастаткова. Толькі ў 2001 годзе ў выніку экспедыцыйных работ было выяўлена пражыванне ў заказніку двух відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вяртлявай чаротаўкі і дубальта. Гэта крайняя паўночная кропка распаўсюджання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі. Сустракаюцца тут і іншыя рэдкія віды: чапля-бугай, шэры журавель.
3 рэдкіх раслін на тэрыторыі заказніка адзначана бяроза нізкая, больш вядомая, як ернік або ёрнік. Гэта расліна заўсёды прыцягвае аленяў, паколькі служыць для іх асабліва жаданым ласункам. Таксама ў флоры заказніка Сэрвач значацца сосны, шэрыя і чорныя вольхі, елі, павіслыя і пухнатыя бярозы.
Аднымі з апошніх адкрыццяў у фаўне заказніка сталі арніталагічныя віды, вельмі важныя для сусветнай прыроды: вяртлявая чарацянка, дупель, шэрыя жураўлі, вялікі бугай і іншыя.
У Сэрвачы можна назіраць частую змену рэльефу на прыродаахоўнай тэрыторыі: нізінныя комплексы, для якіх найбольш характэрныя марэнныя і камавыя пагоркі, якія змяняюцца лагчынамі, а тыя — западзінамі. Уся тэрыторыя заказніка пакрыта густой і пярэстай расліннасцю, яе асноўнымі відамі з’яўляюцца імхі і балотныя асакі, ледзь радзей сустракаюцца лекавыя і дэкаратыўныя расліны.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Лабанок П. І. Сэ́рвач // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 329. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Скрабатун, У. Ласкавае возера Сэрвач / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. — 2010. — 19 жн. — С. 6.
- Славутыя мясціны Дзеркаўшчынскага краю / падрыхт.: В. Бука, Т. Вышадка // Веснік Глыбоччыны. — 2016. — 5 лістап. — С. 10.
- Сэрвач // Скарбы прыроды Беларусі: тэрыторыі, якія маюць міжнароднае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці = Treasures of Belarusian nature: ares of International Significance for Conservation of Biological Diversity / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш.]. — 2-ое выд, перапрац., дап. — Мінск : Беларусь, 2005. — С. 120—123.
- Федотов, В. Гидрологический заказник «Сервечь» / В. Федотов // Родная прырода. — 2007. — № 10. — С. 17.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 7 февраля 2018 г. № 107 О республиканском гидрологическом заказнике «Сервечь» // Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь (руск.)
- Д. Г. Груммо, Н. А. Зеленкевич, О. В. Созинов, Е. В. Мойсейчик, Д. Ю. Жилинский, Р. В. Цвирко. РАСТИТЕЛЬНОСТЬ РЕСПУБЛИКАНСКОГО ГИДРОЛОГИЧЕСКОГО ЗАКАЗНИКА «СЕРВЕЧЬ» (руск.) (PDF) С. 110—125. Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 5. Эканоміка. Сацыялогія. Біялогія. Том 11, № 1, 2021. — ISSN 2221-5336 (3 снежня 2021). Праверана 17 снежня 2023.
- Сервечь // Рамсарские угодья Республики Беларусь Архівавана 27 студзеня 2021. (руск.)
- О преобразовании республиканского гидрологического заказника «Сервечь» (руск.) // Сайт Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь